Belarus
4 October 2023

Няскончаная гісторыя

Зіма будзе доўгая, але можна не даць адзін аднаму змерзнуць

© TUT.BY


Аптымісты шмат кажуць пра абавязковую перамогу дэмакратыі. Часта гэта абгрунтоўваюць гістарычнай непазбежнасцю: «усе дыктатуры рана ці позна падаюць». Пісьменнік і перакладчык Канстанцін Чарухін — удзельнік беларускіх пратэстаў, двойчы бежанец — у сваім эсэ падвяргае сумненню гэтую непазбежнасць. Разам з тым ён спрабуе выявіць умовы, якія, нягледзячы ні на што, усё ж здольныя расхістваць падмурак, на якім трымаецца зло.

Беларуская   English   Deutsch   Русский


Непазбежнасць перамогі ліберальнай дэмакратыі ў сусветным маштабе Фрэнсіс Фукуяма абвесціў у 1992 годзе. У нулявых ягоную кнігу «Канец гісторыі» перадавалі беларускім палітвязням у турму — яна выклікала надзею і нават упэўненасць у тым, што мы рухаемся па трывалых гістарычных рэйках (так, у нулявых у Беларусі таксама былі палітычныя зняволеныя!). А тры гады таму, у дваццатым, як суцяшалі беларускіх пратэстоўцаў словы расійскага відэаблогера Максіма Каца аб тым, што мы абавязкова, вось-вось, непазбежна пераможам, таму што дэмакратычныя паўстанні ў сучасным свеце практычна заўсёды перамагаюць!

Але ж не атрымалася. Што ж. Бывае. Не ўсе да аднаго паўстанні (тым больш — мірныя) перамагалі, і ніхто нікому не даваў 100% гарантыі. Але ж наперадзе перамога? Трэба проста смела чакаць! Усе імперыі рана ці позна распадаюцца, дыктатары паміраюць і дыктатуры непазбежна падаюць — ці не так?

Здаецца, усё ж не так. Хіба не шматвяковае, фактычна вечнае аўтарытарнае праўленне мы назіраем у Кітаі (які, дарэчы, па ўсіх параметрах яшчэ і імперыя), у большасці краін мусульманскай цывілізацыі? А ў Індыі, якая лічыцца дэмакратыяй, ціск каставай сістэмы на індывіда такі, што не снілася ніякаму дзяржаўнаму аўтарытарызму. Прычым, якіх-кольвек зменаў да лепшага на гэтым «Глабальным Поўдні», здаецца, не прагназуецца, а гэты «Поўдзень» з намі зусім побач, таму што суседні «Усход» усё больш шчыльна з ім узаемадзейнічае. Падобна, няма ніякіх падставаў меркаваць, што час сам па сабе, без пэўных свядомых намаганняў з боку чалавечага грамадства, прынясе пазітыўныя перамены.

Увогуле, нават калі б дэмакратыя ўсталёўвалася, так бы мовіць, «шляхам натуральнага развіцця», надыходзіла, як вясна — ці можна мець цвёрдую ўпэўненасць, што яна была б нам па сілах? Нам, не навучаным яе няпростай навуцы, — тым, хто не здаў іспыту? Узгадаем Фарыда Закарыю: «… У сённяшнім свеце… два кампаненты ліберальнай дэмакратыі, якія складаюць плоць заходняй палітычнай мадэлі, усё больш разыходзяцца адзін з адным. Дэмакратыя квітнее, а свабода — не» (Закарыя Ф. Будучыня свабоды: неліберальная дэмакратыя ў ЗША і па-за іх межамі. — М., 2004. — с. 6.). Калі казаць не пра свет наогул, а пра Еўропу, дзе дэмакратычныя механізмы ужо дзейнічаюць, то застаецца дылема Рычарда Холбрука, якога працытаваў Закарыя ў гэтай жа кнізе: «Выкажам здагадку, што праведзены свабодныя выбары, аднак выбраннікамі аказваюцца расісты, фашысты і сепаратысты. Гэта рэальная супярэчнасць». Можна сказаць, што мы, беларусы, гэтую супярэчнасць рэалізавалі амаль трыццаць гадоў таму: першага і пакуль нязменнага прэзідэнта абралі большасцю галасоў на сумленных дэмакратычных выбарах.

А потым ён ужо «абіраўся» сам: усталяваў суцэльны кантроль над арганізацыяй падліку галасоў, а каб сціскаць народнае абурэнне, стварыў і выгадаваў сілавы і чыноўніцкі апарат, лікам і лаяльнасцю не саступаючы савецкаму. У выніку Беларусь апынулася ў лідэрах па колькасці паліцыянтаў (у нас яны дагэтуль завуцца на савецкі лад — «міліцыя») на душу насельніцтва, а па прапорцыі дзяржаўных чыноўнікаў пераўзыходзіць нават Расію (4,2% усіх работнікаў супраць 3,3%). І калі мы — тыя, хто на свае вочы бачыў рэвалюцыю дваццатага года, кажам, што большасць у Беларусі — супраць Лукашэнкі, трэба ўзгадаць, што гэтыя сотні тысяч міліцыянтаў і служачых маюць сем’і, маюць адданых сяброў і блізкіх. Колькі іх — тых, хто залежыць і тых, ад каго залежаць іншыя, хто баіцца страціць працу (або свабоду, або галаву — Лукашэнка любіць паўтараць пагрозлівыя фразы кшталту «галаву адарву»), хто нават шчыра служыць рэжыму (таму што мы ведаем, што ў свеце нямала людзей, якія любяць «парадак і цвёрдую руку»)? Колькі сярод дзесяці мільёнаў беларусаў згодных з рэжымам, падтрымліваючых яго? Гэтага ніхто не ведае.

∗∗∗

А колькі ж беларусаў — за дэмакратыю? Паводле справаздачы BISS (незалежны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, прыпыніў сваю дзейнасць у 2023 годзе) «Ментальная дэмакратызацыя. Змяненні ў сферы каштоўнасцяў беларусаў», «…паслядоўных прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі не больш за 50%, але, хутчэй за ўсё, іх не менш за 30%». Вядома, можна меркаваць, што частка рэспандэнтаў мела на ўвазе пад дэмакратыяй нейкую абагульненую «ўладу народа» ці нават «уладу для народа», частка — ліберальную дэмакратыю, а частка — гарантаваныя ліберальныя свабоды, магчыма, коштам пэўнага абмежавання патрабаванняў большасці; тым не менш, высновы можна лічыць усё ж абнадзейлівымі.

Але задумаемся: якімі сродкамі ліберальна-дэмакратычна настроеная меншасць даб’ецца гегемоніі ў дзяржаве і грамадстве? І як, нават дамогшыся перамогі, «паслядоўныя прыхільнікі дэмакратыі» (у якім заўгодна сэнсе) павінны ўзаемадзейнічаць са сваімі, мякка кажучы, «непаслядоўнымі» суайчыннікамі, каб пазбегнуць паўтора сумнага досведу дэмакратычных выбараў 1994-га?

На першае пытанне няма упэўненых адказаў. Памятаем, што асноўнай (не ўсімі, магчыма, усвядомленай) крыніцай апасенняў з’яўлялася Расія. Небяспека гэтая рэальная і ніколькі не перабольшаная. У выпадку поспеху ў 2020 годзе мы апынуліся б перад інтэрвенцыяй, як у мінулым стагоддзі народы краін Варшаўскай дамовы. Змены ж у Расіі, нажаль, не ад нас залежаць. Рычагоў уздзеяння на Расію ў беларусаў (як унутры краіны, так і ў эміграцыі) яшчэ менш, чым у рускіх. У нас няма ні легальных партыяў, ні інтэлектуальных клубаў. Нашае падполле дзейнічае ў асноўным, хутчэй, ва ўяўленні спецслужбаў. Няўжо застаецца проста чакаць, калі аўтарытарызм абрынецца?

Уявім сабе, што — дачакаліся. Расія выйшла з гульні, — паўтарыўся, так бы мовіць, 1991 год. Тады што з адказам на другое пытанне? Ці гатовы дэмакратычны актыў усталяваць свой «адукаваны аўтарытарызм», які гарантуе ліберальныя свабоды? Ці хопіць яму цярплівасці і тактоўнасці выслухоўваць меркаванні і пажаданні нясмелых, неактыўных людзей, якія не зрабілі нічога для перамогі ўласнай дэмакратычнай улады, лічыцца з імі, прычым, не толькі напярэдадні выбараў?

Гэта, падаецца мне, двухбаковая праблема: як перажыць «зіму», не адубеўшы, і як не патануць у брудзе «вясной»?

∗∗∗

І тут я выкажу асцярожны, нават нясмелы аптымізм. Бо акрамя роста адукаванасці, інфармаванасці і тых каштоўнасных тэндэнцыяў, аб якіх згадваецца ў даследаваннях BISS, я заўважаю — і асабліва ў нашы жудасныя 20-я — адну сутнасць, якую цяжка вызначыць у словах.

Эмпатыя і салідарнасць. Вось што сапраўды змянілася. Звышжорсткая савецкая сістэма пры дэкларатыўным калектывізме разбурала, разам з іншым, навыкі ўзаемадапамогі, заціскаючы, адпаведна, і альтруізм. Гэта рэчы ўзаемазвязаныя. У 80-х часта казалі, што трэба «працаваць локцямі», распіхваючы людзей у натоўпе, а яшчэ раней пачалі празмерна высока шанаваць цвярозы цынізм і дзелавітасць. Аднак за тыя дзесяцігоддзі, калі паралізуючая ўвага і разбуральны клопат дзяржавы крыху паслаблі, людзі сталі вучыцца ўзаемадапамозе. Прычым, гаворка нават не пра НДА, хаця іх роля ў Беларусі была значная і яны, апроч усяго іншага, першыя паказвалі прыклад самаарганізацыі. Я вяду гаворку хутчэй аб неарганізаваных, нефармальных, можна нават сказаць, «бясформенных» структурах на мікраўзроўні. Да пэўнага часу яны былі не вельмі заўважныя.

А ў 20-м — выбухнула. Вось што дзіўна, вось што было відавочна і менавіта «неверагодна»: вялікая гатоўнасць людзей да ўзаемадапамогі. Стотысячныя пратэстныя маршы — толькі яскравае наступства, толькі павярхоўная праява іншых, больш глыбокіх працэсаў.

© Image courtesy of the author

Наогул, усё пачалося яшчэ ў пачатку дваццатага года. Пандэмія. Да прэзідэнцкіх выбараў — паўгады. Пакуль Лукашэнка і ягоныя падручныя па-хамску выказваліся ў адрас памерлых ад кавіду («… А як можна жыць з вагой 135 кілаграмаў?» «Ну, яму заўтра 80 гадоў будзе! Чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?!»), пакуль улада адмаўляла праблему, хлусіла і дзьмулася, няздольная забяспечыць медыцынскія ўстановы нават ахоўнымі сродкамі, па краіне пакацілася масавая валанцёрская кампанія: у сацсетках з’явілася ініцыятыва пад тэгам #ByHelp. Людзі, размеркаваўшы паміж сабой працу праз сацыяльныя сеткі, закуплялі матэрыялы і дастаўлялі іх тым, хто ў вольны час шыў дома ахоўныя камбінезоны для лекараў (са спанбонду для гарода), майстраваў маскі (з масак для снорклінга, прычым дэталі, якіх бракавала, вырабляліся на 3D-друкарках), развозілі гэта ўсё па шпіталях... А заадно везлі туды гарачыя абеды, ваду, ежу для медыкаў; адмаўляючыся ад здачы пустых кватэр, прапанавалі іх лекарам бясплатна, каб тыя, працягваючы працаваць у небяспечных зонах, маглі адпачываць, унікаючы кантакту з пажылымі блізкімі. Людзі паказалі дзяржаве, на што яны здольныя без яе, і дзяржаве гэта вельмі не спадабалася.

І калі ў траўні 20-га стартавала перадвыбарная кампанія, тыя ж самыя людзі, натхнёныя сваім «можам!» сталі запісвацца ў ініцыятыўныя групы альтэрнатыўных кандыдатаў: бізнэсмены, рабочыя, праграмісты, лекары, студэнты, пенсіянеры… Натхненне, узаемная падтрымка і салідарнасць ахапілі не толькі сталіцу, але і правінцыю.

З пачаткам масавых пратэстаў супраць пераследу кандыдатаў і чальцоў іх штабоў, супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткага збіцця мірных дэманстрантаў хваля салідарнасці паднялася яшчэ вышэй. Людзі дапамагалі адзін аднаму ва ўсім і, вядома, грашыма таксама. Была створана грамадзянская ініцыятыва па зборы сродкаў BySol. Ініцыятыва BySol перарасла ў фонд, які пазней быў аб’яўлены ў Беларусі экстрэмісцкім. Тым не менш, толькі за 2022 год ён прапусціў праз сябе дапамогі на агульную суму 1 мільён 114 тысяч еўра.

Аказалася, што ўлада сапраўды баіцца чалавечай узаемадапамогі. Тых, хто займаўся зборам і перадачай сродкаў — на аплату адвакатаў, на дапамогу сем’ям арыштаваных — сталі пераследваць. Гэта працягваецца да цяперашняга часу. Улада карае бесчалавечнымі турэмнымі тэрмінамі кожнага, да каго дацягнецца, і вынюхвае усіх, хто падтрымлівае рэпрэсаваных. Прайшло ўжо больш за тры гады са жніўня 20 года, а пераслед за дапамогу не проста не спыняецца — ён набывае дзікую, вар’яцкую форму. Напрыклад, суд прызначае чалавеку пяць гадоў турэмнага зняволення за тое, што некалькі гадоў таму ён зрабіў ахвяраванне памерам у 20 долараў.

Былога трэнера-масажыста зборнай Беларусі па біятлоне двойчы за тры месяцы асуджаюць за данаты, абвінавачваючы яго ў фінансаванні экстрэмісцкай — і нават тэрарыстычнай! — дзейнасці. Прысуд — дзевяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Удумайцеся: толькі за ліпень 2023 года беларускія суды вынеслі 11 прысудаў за данаты. Усяго ж такіх прысудаў за апошнія гады — дзясяткі, калі не сотні. Не аб усіх прысудах ведаюць нават беларускія праваабаронцы, якія вядуць маніторынг рэпрэсій. Сваякі некаторых арыштаваных і асуджаных вельмі баяцца, што публічнасць можа нашкодзіць іх родным. Таму дапамога становіцца ў Беларусі амаль падпольнай, партызанскай справай. Арганізацыя ўзаемадапамогі: перадачы ў СІЗА і турму, сувязь з блізкімі зняволеных і іх падтрымка — вось яны, сэнс і форма цяперашняга падполля.

29 ліпеня беларускія медыі і праваабарончыя арганізацыі, якія знаходзяцца за мяжой, правялі анлайн-марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі «Нам не ўсё роўна!». Ініцыятыву падтрымалі палітыкі, блогеры, музыканты, спартоўцы, замежныя дыпламаты, былыя палітвязні і сваякі тых, хто зараз знаходзіцца ў месцах зняволення. За першыя 12 гадзін марафону было сабрана 355 тысяч еўра, а да поўначы 30 ліпеня — больш за 574 тысяч еўра на дапамогу палітвязням і іх сем’ям. У Беларусі за данаты арыштоўваюць і садзяць, але людзі, апынаючыся ў бяспецы, працягваюць падтрымліваць сваіх суайчыннікаў, як могуць. Марафон — гэта прыгожа, але часцей за ўсё ўзаемападтрымка не публічная — ціхая, надзейная, трымаецца на даверы.

І дзяржава разумее, у чым для яе цяпер палягае галоўная крыніца небяспекі: у гарызантальным узаемадзеянні людзей. Менавіта таму яна б’е па любых яго матэрыяльна адчувальных праявах. Дзяржаве патрэбны атамарны парашок раз’яднаных індывідаў.

Значыць, беларускае грамадства намацала слушны шлях: эмпатыя і салідарнасць, спачуванне і ўзаемадапамога.

Я не думаю, што ў бліжэйшы час магчыма нейкае «нацыянальнае прымірэнне» (ці, як кажуць у прапагандысцкіх медыя, «народнае адзінства»), што з прыхільнікамі цяперашняй улады і апартуністамі можна знайсці агульную мову. Замест гэтага можна весці бязмоўны маналог сваімі дзеяннямі — з усімі. Ці дасць гэта гарантыі перамогі? Ці дасць гэта хоць пробліск надзеі на перамогу? Ніхто не зможа прадказаць. Аднак час дакладна не будзе змарнаваны.