Belarus
15 November 2022

У чаканні лёгкага дня

Беларусь: як жыць, калі жыць страшна

© Sabina Brilo


Шэф-рэдактар нашага раздзелу «Беларусь» — журналістка Сабіна Брыло. Прапануем нашым чытачам яе першую калонку.

Беларуская   English   Русский


Мінулі год і чатыры месяцы, як мы з мужам паехалі з Мінску.

У ліпені 2021 года мы паляцелі ў Грузію — гэта быў адзін з нешматлікіх напрамкаў, куды ў той час можна было падацца. Тыднем раней у Мінску былі арыштаваныя праваабаронцы з «Вясны» (у тым ліку Алесь Бяляцкі, сёлетні лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру). Ужо сядзелі ў турме нашыя сябры з інфармагенцтва БелаПАН, журналісткі тэлеканала Белсат і кіраўніцтва TUT.BY — самага буйнога і папулярнага незалежнага партала краіны. Па тэлевізары народу працягвалі распавядаць пра калабарантаў і патомных спадкаемцаў нацыстаў, пра тое, што калектыўны Захад рыхтуецца акупаваць Беларусь, што ў краіне створаныя «тэрарыстычныя ячэйкі», якія рыхтуюць змену ўлады… Усё гэтае трызненне сведчыла пра тое, што вар'яцтва прагрэсуе, і рэпрэсіі будуць узмацняцца. Абяцанне Лукашэнкі «знайсці і пакараць кожнага», хто выходзіў на пратэсты ў дваццатым, планамерна выконвалася.

Жыць было страшна — і не зразумела, якім чынам. Пасля таго, як у тваю кватэру аднойчы раніцай прыходзілі няпрошаныя госці ў форме, ты ўжо больш не можаш бесклапотна класціся і спакойна ўставаць. Ты не злачынца, не падпольшчык і не сябра тайнага ордэна. Ты не валодаеш ніякімі сакрэтамі і ў цябе няма нейкага плана. Ты не парушыў ніякіх законаў. Тым не менш увечары ты парадкуеш усе свае паперы, званкі і запісы, а раніцай устаеш нязвыкла рана, каб паспець памыцца, пачысціць зубы, паснедаць і ў чарговы раз праверыць свой «трывожны пакет», куды спакаваныя асабістыя рэчы і сродкі гігіены на выпадак, калі за табой прыйдуць. Менавіта ў такім рэжыме мы з мужам і жылі. Па вечарох я перачытвала самурайскую этыку Хагакурэ; гэта дапамагала заснуць.

Праз пачуццё суцэльнай безабароннасці ў мяне з'явілася фобія — я баялася, што аднойчы прыйду дадому (напрыклад, з крамы) — а ўваходныя дзверы будуць адчыненыя. А на падлозе ў калідоры будзе ляжаць мая котка з распоратым жыватом. Гэтая здань пераследвала мяне цягам некалькіх месяцаў, і я нічога не магла з сабою зрабіць.

Мы не планавалі ад'езду не абмяркоўвалі яго, але ў сярэдзіне ліпеня, пасля чарговай хвалі арыштаў нашых таварышаў, паляцелі ў Грузію. Не прызнаючыся нават сабе, што гэта можа быць надоўга. З роднымі развітваліся так, нібыта ляцім у адпачынак — і самі прымушалі сябе гэтаму верыць.

Пайшоў другі год, як мы не дома. Цяпер жывём у Літве. Сваякі даўно забралі з нашай кватэры ўсё тленнае — харчы, каву-гарбату, лекі, касметыку. А прадметы — карціны, кнігі, посуд, рэчы — на месцах. Бо не ведаеш, у якім прадмеце жыве той самы геній месца — вось чаму я не хачу нічога забіраць са свайго пакінутага дому. Няхай рэчы захоўваюць яго, раптам здолеюць. Я толькі папрасіла знаёмых прывезці з аказіяй свой любімы плед — а потым вышуквала ў ім коткіны ваўнянкі. Вельмі па ёй сумую. Да дому менш за дзвесце кіламетраў, а паехаць страшна. Як толькі ў чарговы раз задумваю гэта зрабіць — у Мінску арыштоўваюць кагосьці са знаёмых.

Мінулай восенню жанчына на кірмашы ў Вільні запыталася ў мяне: вы габрэйка? Можна і так сказаць, — адказала я, прыехаўшая сюды з адной валізкай, у якой былі толькі летнія рэчы.

Ізноў было незразумела, як жыць. Хацелася, ды не маглося прачнуцца. Асабліва цяжка было тлумачыць людзям, якія ніколі не былі ў становішчы суцэльнага грамадзянскага бяспраўя ды рэальнай рызыкі без ніякай віны патрапіць у турму, — чаму ты не можаш супраціўляцца. «Як гэта — цябе хапаюць на вуліцы? — шчыра здзіўляліся яны, слухаючы нашыя расповеды. — Трэба выклікаць паліцыю!»

А потым надыйшоў люты 2022 года. Калі пачалася вайна Расеі з Украінай, нехта напісаў, што беларусы цяпер — гэта як фашысты і габрэі адначасова. Нават тыя, хто ўчора захапляўся нашай стойкасцю і выказваў спачуванні, пачалі абвінавачваць нас у спрыянні ды падтрымцы агрэсара. 26 лютага Уладзімір Зяленскі выступіў са зваротам да беларусаў, у якім сказаў: «сёння вас клічуць на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласваць на рэферэндуме. Гэта магло б выглядаць як звычайны палітычны працэс, але цяпер ужо дакладна не можа быць нічога звычайнага». Кіраўнік суседняй дзяржавы назваў ініцыяваны ўладаю і толькі ўладзе патрэбны, амаль прымусовы лютаўскі рэферэндум у Беларусі “звычайным палітычным працэсам” — я слухала і не магла паверыць сваім вушам. На той момант у турме утрыміліваліся каля трыццаці маіх калег-журналістаў, дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз адміністрацыйныя арышты (многа хто — праз катаванні), каля тысячы палітычных зняволеных сядзелі за кратамі. З краіны, пакідаючы, як і мы, родных і маёмасць, працягвалі з’язджаць людзі. Я не магла даць веры, што нават найбліжэйшы сусед не бачыць не разумее, што адбываецца ў маёй краіне. Як жа тады тлумачыць дальнім?

Шмат год у Беларусі дракон харчаваўся “айчыннай вытворчасцю”. Ён зрабіўся тлустым і нахабным ад беспакаранасці і ўсёдазволенасці. “З вашай тэрыторыі ляцяць бомбы” — цяпер мы ўвесь час чуем гэтае выслоўе. Гэта праўда. На нашай тэрыторыі шмаг год здзяйснялася злачынства, і вось яно перайшло нацыянальную мяжу.

На сярэдзіну лістапада 2022 года ў Беларусі — 1425 палітычных зняволеных. Гэтая лічба павялічваецца кожны дзень. На сайце праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая праводзіць маніторынг палітычнага пераследу ў Беларусі, штодзень з'яўляюцца абнаўленні. Штодзень — новыя эпізоды вялікай чалавечай трагедыі.

Не ведаю, колькі беларусаў ужо з'ехала за мяжу. Пяцьсот тысячаў? Мільён? Ніхто гэтага не падлічвае: калі страляюць пушкі, статыстыка маўчыць. Але шмат хто з маіх сяброў застаюцца ў краіне і працягваюць жыць у рэжыме «раніцай за табой могуць прыйсці». Калі ў чалавека адабраныя ўсе магчымагці якога б ні было актыўнага супраціву, у яго раптам з'яўляецца гэтая самурайская гатоўнасць «стаяць да канца». Канца пакуль не бачна. Але ж, калі не верыць, што ён ёсць, — дык як тады жыць?

Пытаюся: “Як жыць?”
Ён кажа: “У чаканні лёгкага дня”.
Пытаюся: “Як я яго пазнаю?”
Ён кажа: “Не пазнаеш”.
Пытаюся: “Можа, гэты дзень ужо прамінуў?”
Ён кажа: “Прамінуў ужо шмат разоў,
Інакш сіл не знайшла б на свае пытанні”.

(Мінск, 2015 г.)